Беларуская літаратура

Сёння на гэтай старонкі невядомае аб вядомых.

Гісторыя кахання Элізы Радзівіл і Вільгельма Гогенцолерна

Адна з самых рамантычных гісторый кахання ХIХ ст. звязана са знакамітым беларускім магнацкім родам князёў Радзівілаў. Пра гэтую гісторыю некалі было вядома амаль ва ўсёй Еўропе. У Беларусі пра яе мала хто ведае.

Пачалася яна ў канцы XVIII ст., калі перастала існаваць Рэч Паспалітая і яе арыстакратыя падалася ў чужыя краі. Менавіта ў той час і ўзнікла берлінская галіна князёў Радзівілаў, якія парадніліся з правячай прускай дынастыяй Гогенцолернаў. З 1786 па 1797 г. Прусіяй правіў кароль Фрыдрых Вільгельм II (1744—1797). У яго была кузіна прынцэса Луіза, адзіная дачка прынца Аўгуста Фердынанда Прускага і Ганны Лізаветы Луізы, прынцэсы фон Брандэнбург-Швет. Яна нарадзілася ў берлінскім палацы свайго бацькі 24 мая 1770 г. (1). Пасля на свет з’явіліся яе малодшыя браты Генрых (1771—1790), Людвіг (1772—1806) і Аўгуст (1779—1843). У адзін год з Луізай, толькі 3 жніўня, нарадзіўся і будучы прускі кароль Фрыдрых Вільгельм III, якому наканавана было стаць бацькам нашага героя, прынца Вільгельма.

У красавіку 1795 г. у Берлін прыбылі князь Міхал Геранім Радзівіл, яго жонка Алена і сын Антоній Генрык. У сваіх успамінах прынцэса Луіза адзначае, што чула пра сям’ю Радзівілаў і раней у сувязі з апошнімі падзеямі ў Рэчы Паспалітай. “1 мая Радзівілы былі прадстаўлены ў Беллевю*. Я толькі вярталася назад, знясіленая мноствам выхадаў, і не мела часу, каб змяніць убор, так што я паказалася перад гэтымі новымі знаёмымі ў не зусім ідэальнай сукенцы... Кн. Радзівіл быў першым з сям’і, хто мне трапіў на вочы. Я знайшла яго нецікавым, але ён вабіў да сябе. Княгіня спадабалася мне з першага моманту. У яе былі прыгожыя рысы твару, і яе беласнежныя валасы зусім не стасаваліся з яе ўзростам, не падыходзілі да свежага колеру яе твару. Ёй было тады амаль пяцьдзесят гадоў, шыя, рукі і далоні былі яшчэ прыгожымі, а яе ўбор элегантным, арыгінальным і каштоўным. Яе сын, якога прадставілі майму бацьку ў салоне, з’явіўся апошнім у садзе, дзе мы сабраліся. Ён насіў мальтыйскую форму. Яго надзвычай высакародная манера трымацца зрабіла на мяне ўражанне, і яго своеасаблівы твар быў мне сімпатычны. Яго рэзкія, яскрава выразныя рысы мелі пяшчотны і сяброўскі выгляд, што ўсім спадабалася, таксама як і мне. Княгіня была ў сваёй вясёлай арыгінальнасці на самай справе забаўнай, і я была ў захапленні ад яе, ад вечара і ад князя Антонія. Мае бацькі мелі такое ж уражанне, і мы вырашылі бачыцца з Радзівіламі так часта, як толькі магчыма. З таго часу Радзівілы прыходзілі штовечар у Беллевю, калі не былі ў гасцях у іншым доме” (2).

Паступова адносіны паміж маладымі людзьмі сталі больш дружалюбнымі. Бацькі дазволілі Луізе запрашаць Радзівілаў у сваю тэатральную ложу. Антоній і Луіза разам з сем’ямі хадзілі на тэатральныя пастаноўкі, доўга гулялі па парку. Неўзабаве Радзівілы пачалі ўдзельнічаць і ў сямейных святах Гогенцолернаў. У сваіх успамінах прынцэса Луіза ўзгадвае, што яна часта размаўляла з маці князя Антонія, якая ўпершыню і запыталася ў яе пра магчымасць шлюбу паміж маладымі людзьмі. Княгіня шчыра расказала, якія планы наконт маладога Антонія Генрыка мае іх сям’я. Прынцэса ўжо тады кахала князя, аднак баялася, што яе пачуццё не адобраць бацькі, асабліва маці. На тыя часы 26-гадовая прынцэса лічылася ўжо зусім не юнай і рызыкавала застацца незамужам. Луіза зазначае, што падчас знаходжання ў Райнсбергу княгіня Алена Радзівіл шмат размаўляла з прынцам Генрыхам (старэйшым братам яе бацькі). Як пазней высветлілася, галоўнай тэмай гэтых размоў была магчымасць шлюбу Луізы Гогенцолерн з Антоніем Радзівілам (3). Безумоўна, у гэтых шлюбных планах былі і палітычныя разлікі. Багатыя магнаты Радзівілы жадалі парадніцца з Гогенцолернамі — адным з самых старажытных і ўплывовых каралеўскіх двароў Еўропы. Дзякуючы дыпламатычнаму таленту княгіні Алены і таму, што прынцэса закахалася ў Антонія, бацькі Луізы згадзіліся на шлюб.

Паколькі князь Антоній не належаў да каралеўскага дома, ён не мог удзельнічаць у абрадзе ўрачыстых заручын са знакамітым “танцам факела”, які быў неад’емным элементам вясельнай цырымоніі ў прускай каралеўскай сям’і. Зразумела, што гэта не задавальняла славалюбівых Радзівілаў, але ім прыйшлося пагадзіцца. Раніцай 17 сакавіка 1796 г. адбылося вянчанне па каталіцкаму абраду, якое правёў польскі свяшчэннік, а ў другой палове дня шлюб асвяціў пратэстанцкі пастар. Вяселле адбылося без раскошы і вялікай колькасці гасцей. Прысутнічалі толькі самыя блізкія — князь Міхал Геранім, бацькі і браты нявесты.

Такім чынам, прынцэса Фрыдэрыка Даратэя Луіза Філіпіна Пруская стала жонкай князя Антонія Генрыка Радзівіла. Маладой на той час было 26 гадоў, а яе абранніку ішоў 21 год. Сучаснікі ўзгадваюць пра князя: “Быў гэта сапраўдны prince charmant (чароўны прынц) з чарадзейнай казкі, які валодаў усімі якасцямі, каб заваяваць сэрца каралеўны” (4). З нагоды гэтага вяселля з сілезскіх крэпасцей былі вызвалены зняволеныя польскія ваенныя, сярод якіх сустракаюцца прозвішчы Мадалінскага, Грабоўскага, Гельгуда і інш. Польская дыяспара бачыла ў гэтай падзеі добры знак, з’явіліся нават ідэі пра стварэнне польскай дзяржавы пад кіраўніцтвам каго-небудзь з прускіх прынцаў. Аднак гэтым планам не было наканавана ажыццявіцца. Становішча маладой пары пры берлінскім двары нельга назваць бестурботным. У Радзівілаў было шмат зайздроснікаў. На такі дзіўны саюз, польска-нямецкі з аднаго боку, і каталіцка-пратэстанцкі — з другога, з недаверам паглядалі як у Берліне, так і ў Пецярбургу. Зайздросцілі і музычным талентам Антонія, і таму, што ён узяў жонку з дома Гогенцолернаў, і элітарнасці яго музычных вечарын, на якіх збіралася выключна абраная публіка. Ужо той факт, што Антоній Радзівіл змог доўга знаходзіцца ў складаных абставінах берлінскага двара, гаворыць пра яго мужнасць і дыпламатычны талент.

Князь Антоній быў шчаслівы ў шлюбе. Прынцэса Луіза нарадзіла яму восем дзяцей: чацвёра сыноў і чатыры дачкі, дзве з якіх, Луіза і Фрыдэрыка Алена, памерлі ў дзіцячым узросце. Астатнія дзеці, сыны Фрыдэрык Вільгельм (1797—1870), Фрыдэрык Вільгельм Фердынанд (1798—1827), Фрыдэрык Людвік Вільгельм Багуслаў (1809—1873), Фрыдэрык Вільгельм Генрык Антоній Уладзіслаў (1811—1831) і дочкі Фрыдэрыка Луіза Эліза (1803—1834) і Аўгуста Вільгельміна Луіза Ванда (1813—1845) раслі ў атмасферы любові і спагады ў доме сваіх бацькоў. Згодна дашлюбнай дамоўленасці сыны князя Антонія былі ахрышчаны ў каталіцкім касцёле, а дочкі — у пратэстанцкай царкве.

У 1796 г. Міхал Геранім набыў для свайго сына ў Берліне палац з цудоўным паркам, які знаходзіўся на Вільгельмштрасэ, 77. Палац быў пабудаваны ў 1730 г. для генерала фон Шуленбурга, пазней тут жыла фаварытка караля фройляйн фон Дзёнхоф, а з 1800 да 1871 г. ён належаў роду Радзівілаў і называўся “Hotel de Radziwill” (Атэль Радзівілаў). Затым яго набылі для Бісмарка. Там размясцілася афіцыйная рэзідэнцыя — Імперская канцылярыя. У 1945 г. палац згарэў, у памяць пра яго засталіся толькі выявы на старых медных гравюрах, малюнках і фотаздымках. Менавіта ў гэтым будынку і праходзілі знакамітыя ў Берліне музычныя вечары Антонія Радзівіла, на якіх бывалі Фрыдэрык Шапэн, герцаг Карл фон Мекленбург-Штрэліц, браты Аляксандр* і Вільгельм фон Гумбальты і многія іншыя.

У 1797 г. памёр кароль Фрыдрых Вільгельм II і яго месца заняў сын, Фрыдрых Вільгельм III (1770—1840). У маладой каралевы Луізы нарадзіўся другі сын — Вільгельм. Ніхто яшчэ не ведаў у тыя часы, які незвычайны лёс чакае хлопчыка, якому было наканавана аб’яднаць пад сваім скіпетрам Германію.

Падчас вайны Расіі і Прусіі з Напалеонам (1806—1807 гг.) сям’я Радзівілаў знаходзілася ў Кёнігсбергу і Мемелі (цяпер Клайпеда), дзе ў той час жыла большасць прадстаўнікоў дома Гогенцолернаў і сама каралеўская сям’я. Цяжкасці ваеннага становішча зблізілі гэтыя дзве сям’і, асабліва прынцэсу Луізу і каралеву Луізу. Цёплыя адносіны паміж імі існавалі і раней, а цяпер перараслі ў сапраўднае сяброўства. Аб гэтым сведчыць ліст, напісаны прускай каралевай да прынцэсы Ганны Лізаветы Луізы, маці княгіні Луізы Радзівіл, ад 2 сакавіка 1808 г. з Кёнігсберга: “Дарагая цёця! Перада мной ляжаць тры лісты ад Вас, адзін за другі мне мілейшыя. Хацела б за іх з годнасцю падзякаваць, хацела б выказаць, як я ўсхвалявана і да глыбіні сэрца ўдзячна за такое мноства доказаў дабрыні і памяці… Прыміце ад мяне хоць бы слабое выказванне ўдзячнасці за радасць, якую мне прынеслі гэтыя мілыя падарункі: прыгожы кубак выклікаў ва ўсіх здзіўленне, а блакітная палярынка, якую Эліза на сваіх ручках прынесла і з якой зрабіла ўваход у салон, варта ўсялякага прызнання, у час гэтых маразоў ужо мне вельмі паслужыла.

P.S. Калі ў каго-небудзь ёсць столькі падстаў для ўдзячнасці, цяжка хоць бы пра адну не забыцца. Так і я, дарагая цёця, знаходжуся ў тым жа становішчы. На днях, робячы падлікі, я нагадала маёй кузіне (кн. Радзівіл) пра Вашы кашулі, якія знаходзяцца сярод маіх, і толькі тады даведалася ад яе, што гэта быў Ваш падарунак. Дасылаю тысячную ўдзячнасць і яшчэ раз дарагія ручкі Вашыя цалую…” (5). Далей з гэтага ліста мы даведваемся, што каралева і прынцэса падзялялі сямейныя радасці і нягоды вайны. У гэтым лісце таксама знаходзіцца і адзін з першых успамінаў пра маленькую князёўну Элізу.

Больш за ўсіх сваіх дзяцей каралева Луіза любіла старэйшага сына Фрыдрыха, нашчадка трона. У лісце да свайго бацькі, князя фон Мекленбург-Штрэліц, у якім каралева падрабязна распавядала пра сваіх дзяцей, прынц Вільгельм атрымаў самую кароткую і халодную характарыстыку. Яна лічыла, што з цягам часу Вільгельм стане “сумленным, простым і разважлівым”, хоць і не такім прыгожым, як яго бацька. Ліст гэты датаваны 1808 г., калі будучаму кайзеру было 11 гадоў, а яго кузіне Элізе Радзівіл толькі пяць (6). Як паказалі далейшыя падзеі, Вільгельм быў вельмі сур’ёзны, рэлігіёзны, з моцным пачуццём абавязку.

11 лістапада 1813 г. у Францыі памёр ад ран, атрыманых у бітве пад Гаўнау, XI нясвіжскі ардынат — князь Дамінік Радзівіл. З яго смерцю афіцыйна згасла старэйшая мужчынская лінія роду Радзівілаў, як у старажытнасці гаварылі — “па мячы”. Князь пакінуў пасля сябе ўдаву, княгіню Тэафілю (у дзявоцтве Мараўскую), сына Аляксандра і дачку Стэфанію. Яго сын не мог прэтэндаваць ні на ардынацыю, ні на спадчыну бацькі, бо нарадзіўся да афіцыйнага шлюбу сваіх бацькоў і лічыўся незаконнароджаным (7). Вайна не дазволіла хутка вырашыць лёс Нясвіжскай ардынацыі.

Менавіта ў гэты час Міхал Геранім, яго жонка Алена і Антоній прыкладаюць усе намаганні, каб атрымаць Нясвіжскую ардынацыю для Антонія. Антоній з маці едуць на Венскі кангрэс. Тут зноў праявіўся дыпламатычны талент яго маці, якая была галоўным стратэгам у гэтай сям’і. Княгіня Алена размаўляе з Аляксандрам I, танцуе з ім на балах і дамагаецца свайго — Антоній атрымоўвае ва ўладанне Нясвіжскую ардынацыю. Неабходна адзначыць, што асноўным аргументам супраць прамых нашчадкаў Дамініка Радзівіла было тое, што ён змагаўся на баку Напалеона і таму расійскі імператар непрыязна ставіўся да яго сям’і. Нельга не пагадзіцца і з тым сцвярджэннем, што атрыманне Антоніем нясвіжскага маярату было не зусім законным. Па традыцыі ардынацыю павінен быў атрымаць Міхал Геранім, а пасля яго смерці Ї яго старэйшы сын Людвіг Мікалай. Магчыма, на рашэнне імператара паўплывала тое, што Антоній меў за жонку прускую прынцэсу, ды і кароль Фрыдрых Вільгельм III садзейнічаў Радзівілам (8).

Антоній Генрык атрымаў Нясвіжскую ардынацыю згодна ўказу цара Аляксандра I ад 17 сакавіка 1814 г. Апека над малалетняй дачкой Дамініка, Стэфаніяй, да яе паўналецця была ўскладзена на Адама Чартарыйскага, Канстанціна і Вільгельма Радзівілаў. Для вырашэння пытанняў, звязаных з выплатай даўгоў, што пакінуў пасля сябе Дамінік, была складзена камісія, якая завяршыла сваю дзейнасць толькі ў 1838 г. Антоній Генрык мала цікавіўся Нясвіжскай ардынацыяй і вельмі рэдка прыязджаў у Нясвіж. Пазбаўленыя фінансавых укладанняў і належнага дагляду, горад і замак прыйшлі ў заняпад. Тое самае адбывалася і пры князю Вільгельме, які атрымаў ардынацыю пасля смерці свайго бацькі ў 1833 г. (9).

Пасля Венскага кангрэса Прусія ўтварыла на тэрыторыі Заходняй Польшчы Вялікае княства Пазнанскае, якім кіраваў кароль, а намеснікам быў прызначаны князь Антоній. Гэта пасада была разлічана на выкананне ў асноўным прадстаўнічых функцый, для чаго князь добра падыходзіў. У Познані Антоній Генрык прымае петыцыі, дае балы, гаворыць прамовы —Ї адным словам, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім і культурным жыцці. Рэальнай палітычнай улады пасада намесніка не давала. У Познані з 1816 г. сям’я Радзівілаў жыла ў старым замку, былым езуіцкім калегіуме, але штогод да пачатку зімы яна пераязджала ў Берлін, каб удзельнічаць у бурлівым свецкім жыцці. Апісанне жыцця радзівілаўскай сям’і ў Познані пакінула ў сваіх успамінах дачка генерала Дамброўскага, якая ў дзяцінстве сябравала з князёўнай Вандай і часта бывала ў іх палацы. “Двор княгіні Луізы быў сапраўды малым каралеўскім дваром. Вялікай дабрыні гофмайстрыня, яе звалі пані Сарторыс, і першая прыдворная дама, вельмі любімая сям’ёй, і рэдкай разумовай кемлівасці графіня Нехаль; дзвюх маладзейшых прозвішча не памятаю. Потым ішоў камергер, маршалак двара Батыст, француз, і мноства іншай дваровай службы. Князі займалі кватэру ў прасторным паезуіцкім палацы, які цяпер называецца рэенцыяй. У тым палацы ёсць шэраг пышных салонаў, прыстасаваных да меншых і большых прыёмаў; тыя салоны заўсёды былі ўпрыгожаны рэдкімі свежымі і пахучымі кветкамі. Пасля іх ішлі жылыя пакоі, напоўненыя карцінамі і мастацкімі рэчамі. Каля тых пакояў мела Луіза сваю спальню, а за ёй быў вялікі пакой кн. Элізы, поўнасцю застаўлены карцінамі, мальбертамi і мадэлямі для скульптуры і малявання” (10).

Усё жыццё, ад самога дзяцінства да заўчаснай смерці, Элізу параўноўвалі з анёлам. Кніга Освальда Баера, прысвечаная ёй, так і называлася “Анёл з Рубергу”. Сучаснікі, якія ведалі яе яшчэ маленькай дзяўчынкай, з захапленнем усклікалі: “Адна з самых ласкавых душ, якая калі-небудзь ступала на гэтую зямлю”. “Такая вялікая тонкасць сэрца, такая мілая і ветлівая істота, і такая грацыя!” Сам закаханы Вільгельм пісаў пра яе: “Набожны розум, высакародны, поўны пачуццяў характар, дараванне і неапісальная грацыя ва ўсім знешнім абліччы, якія могуць быць толькі адлюстраваннем такой прыгожай душы і такога цудоўнага характару” (11). Калі меркаваць па тых партрэтах Элізы, якія да нас дайшлі, яна сапраўды была прыгожай.

Эліза атрымала звычайную на тыя часы хатнюю адукацыю, дзе галоўным было веданне этыкету, уменне сябе паводзіць у свецкім грамадстве. Улічваючы захапленне бацькі музыкай, абедзве дачкі Антонія добра ігралі на фартэпіяна. Ёсць успаміны Ф.Шапэна, дзе ён узгадвае, як даваў урокі ігры на фартэпіяна маладзенькай князёўне Вандзе. Эліза добра спявала, але больш за ўсё любіла маляваць. Яна малявала ўсюды, дзе бывала яе вялікая сям’я. Да нашага часу засталіся некалькі партрэтаў Ф.Шапэна алоўкам. Адзін з іх цяпер захоўваецца ў Варшаве, у музеі Ф.Шапэна. Г.Семірадскі стварыў карціну “Фрыдэрык Шапэн у салоне князя Антонія Радзівіла” (1829 г.), на якой мы бачым і самога вялікага музыканта, які натхнёна іграе, і сям’ю Радзівілаў.

У адзін з прыездаў у Берлін Антоній наладзіў у сваім доме вечарыну, на якой выконвалася напісаная ім музыка да “Фауста” Гётэ. Луіза Пруская так апісвае гэту падзею ў лісце да бацькі ад 2 красавіка 1816 г.: “Твор майго мужа, а менавіта пакладзены на музыку “Фауст” Гётэ, выклікаў у мяне вялікую радасць. Ён здаецца мне проста геніяльным, я магу да маёй радасці сказаць, што дзеячы і знаўцы мастацтва падзяляюць мой погляд. Я поўнасцю знаходжуся пад уражаннем ад гэтага музычнага твора, і паколькі я не магу паказваць свае пачуцці, добры Антоній не здагадваецца, у якой ступені ён усхваляваў мяне гукамі, якія ўзніклі з яго натхнення” (12).

Прэм’ера першай часткі “Фауста” адбылася 25 красавіка 1819 г. у маленькім замку Монбіжо. На ёй сабраліся аматары музыкі і паэзіі, прысутнічаў сын Гётэ Аўгуст. Ролю Мефістофеля выконваў герцаг Карл фон Мекленбург. Рэакцыяй на гэтую падзею быў зласлівы жарт, які абляцеў Берлін: “Як чалавек, як князь, як палкаводзец Ї— мярзотны, выдатны толькі як Мефістофель! ” Гётэ сам перапрацоўваў лібрэта да оперы, і як лічаць спецыялісты, у некаторых месцах пераробкі не пайшлі на карысць твору. Антоній асабіста быў знаёмы з многімі знакамітымі кампазітарамі свайго часу, сачыў за іх творчасцю, паказваў ім свае творы. Гаспара Спанціні вельмі хваліў твор князя “Complante de Maria Stuart”. Людвіг ван Бетховен прысвяціў Антонію сваю уверцюру і “Шатландскія песні”. Вядомая піяністка Марыя Шыманоўская, сяброўка Гётэ і будучая цешча вялікага Адама Міцкевіча — “Серэнаду для піяніна і віяланчэлі”, свае творы прысвячалі яму Ф.Шапэн і Ф.Мендэльсон.

У гэты час Расійскі імператар Аляксандр I пасватаў за свайго брата, вялікага князя Мікалая, малодшую сястру Вільгельма, Шарлоту. Падчас сваёй вандроўкі ў Пецярбург у 1817 г. на вяселле Шарлоты Вільгельм пабываў у Познані, дзе бліжэй пазнаёміўся з Элізай. Яны пачынаюць перапісвацца.

Прынц Вільгельм выкарыстоўваў любую магчымасць, каб сустрэцца з Элізай. Яны разам танцуюць, разгадваюць шарады, на касцюміраваным бале складаюць пару. Пра каханне Вільгельма і Элізы прыдворныя пачалі гаварыць яшчэ тады, калі яны толькі сябравалі.

У 1821 г. Берлін наведаў вялікі князь Мікалай са сваёй жонкай Аляксандрай (такое імя атрымала Шарлота пры хрышчэнні ў праваслаўе). На адным з велікасвецкіх прыёмаў у іх гонар былі пастаўлены модныя тады “жывыя карціны”. Эліза выконвала ролю Перы ў пантаміме “Перы і рай”. Яна іграла вельмі натхнёна, некаторыя гледачы плакалі, а прынц Вільгельм быў проста ў захапленні. Пасля гэтай ролі Элізу пачалі называць “Белай ружай”. Яе ігра ўспаміналася сведкам гэтай падзеі доўгі час.

Прынц Вільгельм звярнуўся да каралеўскіх міністраў з афіцыйным запытаннем, ці могуць яго дзеці ў выпадку заключэння шлюбу з князёўнай Радзівіл прэтэндаваць на прастол. Пры вырашэнні пытання аб заключэнні шлюбаў Гогенцолерны з часоў Фрыдрыха Вялікага прытрымліваліся наступнага правіла. Жонкай прадстаўніка роду, які прэтэндаваў на карону, магла стаць толькі дачка манарха. Менавіта гэтым правілам кіраваліся прускія міністры, калі давалі афіцыйны адказ. 26 ліпеня 1822 г. было завершана складанне дакумента пад назвай “Заключэнне аб законнасці шлюбу паміж каралеўскім прынцам Прускім і прынцэсай Радзівіл”. У выніку вывучэння розных прэцэдэнтаў і дакументаў міністры прыйшлі да высновы, што ў выпадку заключэння такога шлюбу магчымасць наследавання ўлады Вільгельмам і яго нашчадкамі будзе пастаўлена пад сумненне. Вільгельм цяжка ўспрыняў гэтую навіну і, каб трошкі супакоіцца, з’ехаў у Нідэрланды.

Пацягнуліся гады чакання, калі надзея то з’яўлялася ў сэрцах закаханых, то згасала. Гэтае выпрабаванне знясільвала не толькі маладых людзей, але і абедзве сям’і. Самі разважанні, ці з’яўляецца Эліза роўнай Вільгельму па сваім паходжанні, былі зняважлівымі для Радзівілаў, асабліва для княгіні Луізы, прынцэсы Прускай. Зайздроснікі і праціўнікі дома Радзівілаў гуртаваліся вакол міністра каралеўскага двара, князя Вільгельма Вітгенштэйн-Хохенштэйна.

Князь Вітгенштэйн прапанаваў Радзівілам звярнуцца да расійскага імператара Аляксандра I з просьбай, каб той афіцыйна ўдачарыў Элізу. Аднак гэтая прапанова загадзя была асуджана на правал. Для рускага царскага дома шлюб Гогенцолерна з прадстаўніцай “польскага” княжацкага роду Радзівілаў бачыўся толькі ў адмоўным святле. Аляксандр I адмовіў, патлумачыўшы, што такі ўчынак можа пашкодзіць яго аўтарытэту ў расійскім грамадстве. Нагадаем, што малодшы брат імператара, Канстанцін, на той момант ужо заключыў марганатычны шлюб з польскай княгіняй Ловіч, які выклікаў скандал у сям’і Раманавых.

Пытанню роўнасці Гогенцолернаў і Радзівілаў прысвечана праца аднаго з самых знакамітых нямецкіх прававедаў таго часу Карла Фрыдрыха Айхорна “Адносіны княжацкага дому Радзівілаў да княжацкіх дамоў у Германіі, зыходзячы з гістарычнага пункту гледжання”, якая, як мяркуюць, была створана па заказу князя Антонія Радзівіла. Пазней, у 1843 г., яна была надрукавана на польскай мове ў Варшаве, а ў 1880 г. і на нямецкай мове ў Гетынгене. Галоўным пытаннем, якое разглядаў у сваёй працы Айхорн, быў доказ раўнароднасці Радзівілаў і вышэйшай нямецкай арыстакратыі. Доказам раўнароднасці Радзівілаў і нямецкіх княжацкіх родаў Айхорн лічыў тыя шлюбы, што ўжо раней заключаліся паміж імі і лічыліся роўнымі. На яго погляд, нічым іншым раўнароднасць праверыць нельга. А гісторыя роду Радзівілаў мела шмат прыкладаў шлюбных саюзаў, заключаных з прадстаўнікамі нямецкіх княжацкіх родаў. Прыкладам можа служыць шлюб, заключаны паміж Янушам Радзівілам і Лізаветай Соф’яй Брандэнбургскай у 1613 г. Усе палажэнні шлюбнага дагавора сведчаць пра тое, што ён трактаваўся як роўны. Сярод іншых прыкладаў такіх шлюбаў Айхорн узгадвае і шлюб князя Антонія з Луізай Прускай. Айхорн прыходзіць да высновы, што род князёў Радзівілаў з’яўляецца раўнародным правячым княжацкім дынастыям. Доказы гэтага: 1. Паходжанне ад старажытнай літоўскай княжацкай дынастыі. 2. Тэрытарыяльная ўлада паходзіць ад удзельнай улады продкаў. 3. Прызнанне раўнароднасці праз наданне княжацкага тытула імператарам свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі Карлам V. 4. Працяглае выкананне абавязкаў тэрытарыяльных правіцеляў і існаванне княжацкай аўтаноміі, якая захоўваецца і па цяперашні час. 5. Шлюбныя саюзы з першымі правячымі родамі княжацкага паходжання ў Германіі (13).

Радзівілы жывуць у Познані і больш не робяць традыцыйных зімовых вандровак у Берлін, каб не даць магчымасці зайздроснікам і зласліўцам ачарняць іх прозвішча. Ні Луіза, ні сама Эліза не робяць аніякага ўціску на прынца Вільгельма, у руках якога было шчасце князёўны. Як тут не ўзгадаць братоў Мікалая Радзівіла Чорнага і Мікалая Радзівіла Рудога, якія адыгралі вызначальную ролю ў шлюбе Барбары Радзівіл з польскім каралём Жыгімонтам Аўгустам. У тым, што яна, хоць і нядоўгі час, але была польскай каралевай, трэба аддаць належнае настойлівасці і непахіснасці Жыгімонта Аўгуста. Відаць, не было ў Вільгельма гэтай непахіснасці. Ды і да кароны было тады Вільгельму далекавата. Кароль-бацька быў яшчэ поўны сіл, а спадкаемцам трону лічыўся старэйшы брат Вільгельма кронпрынц Фрыдрых Вільгельм, тады ўжо жанаты з баварскай прынцэсай. Дарэчы, кронпрынц у голас выказваў сваё здзіўленне паводзінамі брата. Ён лічыў, што Вільгельм не праяўляе настойлівасці і сам ён ужо даўно б ажаніўся, нягледзячы ні на якія абставіны.

У 1822 г. князь Антоній зняў на лета палац у Рубергу, які знаходзіўся ў прыгожым месцы, сярод гор Сілезіі. Гэтае месца так спадабалася сям’і, што праз два гады Радзівілы купілі палац. Тут пазней дажывала свой век Эліза.

22 чэрвеня 1826 г. Фрыдрых-Вільгельм III піша ліст да княгіні Луізы, у якім афіцыйна паведамляе аб немагчымасці заключэння шлюбу прынца Вільгельма з Элізай. “Вам, бясспрэчна, вядома, як я з бацькоўскай любові ўсё выпрабаваў і вычарпаў, каб паспрыяць запаветным жаданням майго сына Вільгельма…

Сёння, аднак, я павінен выканаць вельмі сумны для мяне абавязак, шчыра Вам прызнацца, што жаданні майго сына не могуць быць выкананымі без парушэння правоў і без разладу ўнутраных і знешніх адносін нашага дома…

Я адчуваю ўвесь смутак і ахвяру, якіх каштуе майму сыну гэтае канчатковае рашэнне, і што ён павінен адмовіцца ад шчасця, якое я б яму так ахвотна даў бы…” (14).

Цэлы месяц бацькі не могуць перадаць Элізе змест гэтага ліста, цэлы месяц яна яшчэ чакае і спадзяецца на лепшае. Ліст княгіні Луізы Радзівіл каралю паказвае духоўнае высакародства і мужнасць жанчыны, лёс дзіцяці якой пакалечаны шматгадовым чаканнем. У ім няма ніводнага слова дакору, аднак кожны радок прасякнуты болем і горыччу. “Найвялікшы кароль і ўладар! Ваша Вялікасць — кароль і бацька! Вы вырашылі, і мы павінны падпарадкавацца Найвышэйшай Вашай волі, хоць і з кроватачывым сэрцам. Вы, найвялікшы кароль, ласкавы бацька, але даруйце мне тое, што я Вам скажу: Вы не можаце разумець боль мацярынскага сэрца! Маё разарвана з таго часу, калі я атрымала Найвышэйшы Ваш ліст, таму што нечакана сустрэў нас гэты ўдар… Сустрэча прынца Вільгельма з маёй дачкой, якой мы пазбягалі шматгадовымі ахвярамі і стратамі, была паспяховай, з абноўленымі надзеямі; мая дачка атрымлівала зблізку і здалёк доказы самага ажыўленага ўдзелу ў шчасці, якое здавалася ёй вызначаным; і яна, і мы былі занятыя толькі тым, што адмаўляліся ад віншаванняў, якія прыходзілі з усіх бакоў. Мы ведалі, між іншым, дзякуючы прынцу Вільгельму — працяглую невядомасць яго будучыні — але мы спадзяваліся на Бога і Вашу Вялікасць.

Гэтая надзея цяпер разбурана. Бог будзе ў міласцях клапаціцца пра наша беднае дзіця; у мяне няма сілы, каб сказаць ёй пра яе лёс” (15).

Вестка пра рашэнне караля хутка абляцела сталіцу. У наступныя дні да Элізы прыходзілі лісты ад яе сяброў і знаёмых, у якіх выказвалася спачуванне. Прынцэса Луіза не паказвала дачцэ гэтыя лісты. Праз некаторы час Эліза пачала хвалявацца, чаму ўжо некалькі тыдняў няма ніводнага ліста ад Вільгельма? Яна запыталася ў маці і тая адказала, што атрымала вельмі сумны ліст ад прынца і пакажа яго пазней. Раніцай 27 ліпеня княгіня Луіза расказала дачцэ пра апошнія падзеі, паказала лісты ад караля, ад Вільгельма, яго сястры Шарлоты. Усе члены сям’і падтрымлівалі Элізу, сястра Ванда не адыходзіла ад яе.

Раніцай наступнага дня Эліза піша свой развітальны ліст да Вільгельма: “У гэтыя некалькі слоў хацела б я ўкласці ўсё, што маё сэрца напаўняе: удзячнасць за вашае адданае каханне, якое зрабіла мяне шчаслівай, за развітанне, якое ўтрымлівае Ваш дарагі ліст з часу таго рашэння… Больш я не магу прасіць у Бога міласці, і я дзякую яму на каленях за ўсё, што ён мне прызначыў. Яго свяшчэнная воля здзейснілася!” (16). Эліза яшчэ не раз сустракалася з Вільгельмам — на сямейных святах, прагулках, спектаклях і свецкіх прыёмах. Яна была заўсёды ветлівай з ім. У 1829 г. прынц Вільгельм ажаніўся з герцагіняй Марыяй Луізай Аўгустай Катарынай Веймарскай. Ужо ў тыя часы стан здароўя Элізы выклікаў непакой. Высветлілася, што яна захварэла на сухоты. Апошнія гады яе жыцця былі поўныя смутку, болю і жалю.

У 1832 г. князь Антоній і княгіня Луіза ажанілі трох сваіх дзяцей: 4 чэрвеня старэйшы сын Вільгельм узяў другі шлюб з графіняй Матыльдай Клары і Альдрынген, 17 кастрычніка сын Багуслаў ажаніўся з Леанцінай Габрыэллю Клары і Альдрынген, а 12 снежня малодшая дачка Ванда стала жонкай князя Адама Чартарыйскага. Гэта былі апошнія радасці ў жыцці князя. 7 красавіка 1833 г. князь Антоній памёр. Хвалюючыся за здароўе Элізы, родныя доўгі час не гаварылі ёй пра смерць бацькі. Ёй наканавана было толькі на год перажыць яго і пакінуць гэты свет 27 верасня 1834 г. ва ўзросце 31 года.

Вільгельм перажыў сваю каханую на 54 гады. Шмат чаго адбылося ў яго жыцці. У 1840 г. пасля смерці бацькі ён стаў кронпрынцам, наследнікам брата. У 1861 г. Вільгельм быў каранаваны на прускага караля, а праз дзесяць гадоў — у 1871 г., пасля пераможнай франка-прускай вайны, стаў імператарам аб’яднанай Германіі. Памёр ён 9 сакавіка 1888 г., не дажыўшы толькі некалькіх дзён да 91 года, акружаны блізкімі і ў росквіце славы. А што засталося на памяць ад князёўны Элізы? Некалькі малюнкаў, лісты і сумная гісторыя пра няшчаснае каханне. З канца ХIХ ст. гісторыя гэтая набыла вялікую папулярнасць, было напісана некалькі гістарычных кніг і дамскіх раманаў. У 1938 г. у Германіі рэжысёр Паўль Марцін зняў фільм “Легенда кахання”, прысвечаны гісторыі юнацкага кахання прынца Вільгельма да Элізы Радзівіл. У ролі Элізы выступіла знакамітая на той час актрыса Ліда Баарова, а ў ролі Вільгельма — Вілі Фрыч. Паступова і мы звяртаемся да тых падзей. У першую чаргу прыцягвае ўвагу асоба князя Антонія Генрыка і яго музычная творчасць. У 1996 г. у Нясвіжы былі выкананы ўрыўкі з яго оперы “Фауст”, а ў 1999 г. гэтую оперу паставілі на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра оперы Рэспублікі Беларусь. Яго музыка вярнулася на Радзіму. А гісторыя кахання Элізы Радзівіл і Вільгельма Гогенцолерна яшчэ чакае свайго ўвасаблення ў творах беларускіх літаратараў і мастакоў.

 

Hosted by uCoz